Беларуская Служба

NATO прыняло рэзалюцыю з заклікам прызнаць Расію тэрарыстычнай дзяржавай

22.11.2022 14:44
Парламенцкая асамблея NATO у Мадрыдзе прыняла рэзалюцыю, у якой заклікала краіны-чальцы альянсу «ясна заявіць, што расійская дзяржава пры цяперашнім рэжыме з'яўляецца тэрарыстычнай».
Аўдыё
  • Лідары NATO заклікаюць судзіць расійскае кіраўніцтва як тэрарыстаў
Ілюстрацыйны здымакEPA/CHEMA MOYA Dostawca: PAP/EPA

Падобную рэзалюцыю раней прыняла Парламенцкая асамблея Рады Еўропы, а таксама парламенты паасобных еўрапейскіх краін. У сераду дэпутаты Еўрапарламента будуць галасаваць за рэзалюцыю аб прызнанні Расіі дзяржавай-спонсарам тэрарызму.

Парламенцкая асамблея NATO - гэта кансультатыўны орган альянсу, мае дарадчы характар, мэта якога ўмацаванне сувязяў паміж дзяржавамі-чальцамі, забеспячэння кантактаў паміж NATO і нацыянальнымі парламентамі і садзейнічанне парламенцкаму кантролю за палітыкай бяспекі. У апошняй рэзалюцыі ПА NATO, тэкст якой апублікаваны на сайце альянсу, гаворыцца пра неабходнасць прызнаць Расію тэрарыстычнай дзяржавай, таксама ўказваецца на неабходнасць стварэння спецыяльнага Міжнароднага трыбунала па расійскай агрэсіі. Дакумент прыняты аднагалосна.

ПА NATO таксама абрала новага старшыню на наступны год, якой стала Жаэль Гар'ё-Майлям. Неўзабаве пасля абрання францужанка асудзіла вайну Расіі з Украінай і выказала ўдзячнасць украінскаму народу за абарону заходніх каштоўнасцяў.

Расійскае кіраўніцтва трэба судзіць як тэрарыстаў, заявіла новая старшыня ПА NATO. У прамове пасля абрання Жаэль Гар'ё-Майлям нагадала, што заходнія краіны НАТА адмахваліся ад папярэджанняў усходніх саюзнікаў аб пагрозе з боку Расіі, пакуль тая не напала на Украіну.

 - Цяпер ніякіх ваганняў быць не можа. Расійскія кіраўнікі дзейнічаюць як сапраўдныя тэрарысты, дэманструючы беспрэцэдэнтнае варварства – удары па грамадзянскім насельніцтве і інфраструктуры. Мы павінны дзейнічаць, іх трэба судзіць як тэрарыстаў у міжнародных трыбуналах.

У сваю чаргу Генеральны сакратар NATO заклікаў саюзнікаў быць гатовымі даўжэйшы час падтрымліваць Украіну. У сваёй прамове перад Парламенцкай асамблеяй NATO ў Мадрыдзе Енс Столтэнберг падкрэсліў, што хоць Расія спазнае паразы ва Украіне, яна па-ранейшаму мае значны ваенны патэнцыял і вялікую колькасць войск. Было б вялікай памылкай недаацэньваць магчымасці Расіі.

- Мы павінны быць гатовыя падтрымліваць Украіну ў доўгатэрміновай перспектыве. Так, я ведаю, што гэтая падтрымка каштуе грошай. У нашых краінах многія людзі змагаюцца з крызісам, растуць кошты жыцця, рахункі за энергію і ежу. Гэта цяжкія часы для многіх. Але цана, якую мы плацім у NATO, вымяраецца ў грошах, а ўкраінцы плацяць цану ў крыві.

Енс Столтэнбэрг адзначыў, што перамога Расіі будзе азначаць яшчэ большую цану для Захаду.

- Тады аўтарытарныя рэжымы ва ўсім свеце даведаюцца, што яны могуць атрымаць тое, што хочуць, грубай сілай. Гэта будзе мець прамыя наступствы для нашай бяспекі. Гэта зробіць свет больш небяспечным, а нас больш уразлівымі. Таму мы не можам дапусціць перамогі прэзідэнта Пуціна ва Украіне.

З просьбай падтрымаць Украіну да ўдзельнікаў Парламенцкай асамблеі NATO звярнуўся прэзідэнт Украіны. Уладзімір Зяленскі дыстанцыйна выступіў з прамовай у Дзень годнасці і свабоды, калі ўкраінцы ўшаноўваюць тых, хто загінуў за еўрапейскі выбар краіны падчас Майдана 2014 года. Прэзідэнт падкрэсліў, што Украіна аб'яднала Еўрасаюз і NATO.

- Украінцы напоўнілі сцяг Еўрасаюза новай энергіяй. І сапраўды, дзякуючы таму, як мы абараняем свабоду ва Украіне, мы аб'ядналі Еўрасаюз і NATO. Мы паказалі адзінства выклікаў і даказалі адзінства каштоўнасцяў. Гісторыя паставіла нас па розныя бакі ідэалагічных муроў, але сцены паваліліся, а нашы каштоўнасці захаваліся!

Прэзідэнт Зяленскі падкрэсліў, што сёння, калі ўкраінцы адстойваюць еўрапейскія каштоўнасці на полі бою, несправядлівасць і ненатуральная адчужанасць Украіны ад еўрапейскай супольнасці становіцца абсалютна відавочнай.

Прэзідэнт адзначыў важнасць таго, што пасля поўнамаштабнага ўварвання Расіі ва Украіну цывілізаваная сусветная супольнасць аб'ядналася для абароны яе правоў на дэмакратыю, самавызначэнне і існаванне. Ён заклікаў свет падтрымаць Украіну ў яе імкненні далучыцца да Еўрасаюза і NATO.

З заклікамі да NATO выступіла і польскае кіраўніцтва, якое нагадала пра тое, што Польшча стала лідарам усходняга флангу NATO, і Захад можа разлічваць на Польшчу, падкрэсліў прэм'ер-міністр Матэвуш Маравецкі ў артыкуле, апублікаваным на паўднёваафрыканскім партале «The African». Прэс-сакратар польскага МЗС Лукаш Ясіна заявіў, што заходнія саюзнікі павінны ўсвядоміць, што Польшча з'яўляецца прыфрантавой дзяржавай. Ён дадаў, што з-за свайго геаграфічнага становішча гэтая краіна больш падатная пагрозам з боку Расіі.

- Мы будзем усведамляць нашым заходнім партнёрам, што сітуацыя Польшчы, дзе ёсць гарады як Хэлм, Хрубешаў, Пшэмысль, ці Эльблёнг, якія месцяцца на мяжы, нават блізка да расійскай вайсковай базы, чым ёсць Калінінградская вобласць , адрозніваецца да сітуацыі Парыжа, Бруселя ці Лісабона.

Пры гэтым расійскія эксперты звяртаюць увагу на патрэбу шырэйшага погляду. На думку незалежнага аглядальніка Кірыла Мартынава, свет павінен думаць пра тое, як прадухіліць агрэсію Масквы ў будучыні, а не толькі засяроджвацца на вайне. Журналіст «Новай газеты». Еўропа» тлумачыць, што заканчэнне вайны ва Украіне не азначае заканчэнне агрэсіўных планаў Крамля, мір, заключаны толькі ў выніку ваенных дзеянняў, можа апынуцца нетрывалым.

- У такой сітуацыі перамога заўсёды будзе азначаць паўзу. Нават ваенная перамога не вырашыць сутнасці праблемы, таму што цяжка ўявіць, што ўкраінскія танкі ўвойдуць у Маскву.

Раней расійскі апазіцыянер з руху «Адкрытая Расія» Арцём Важэнкоў падкрэсліваў, што ў Расіі павінны адбыцца грунтоўныя змены, пачаткам якіх будзе адхіленне ад улады Уладзіміра Пуціна і яго паплечнікаў.

Юры Ліхтаровіч